«Мая Лёзненшчына” - прэзентацыя кнігі A.I.Грачышнікавай
5 кастрычніка адбылася электронная прэзентацыя кнігі Алены Іванаўны Грачышнікавай «Мая Лёзненшчына”.
З’яўленне на свет гэтай кнігі – сапраўдны падарунак для ўсіх, хто любіць родны край. Яе аўтар, настаўнік гісторыі, краязнаўца, шчодра дзеліцца з усімі дапытлівымі, неабыякавымі да гісторыі свайго краю і малой радзімы людзьмі карыснай, рэдкай і каштоўнай інфармацыяй. Выданне падобнай кнігі было сапраўднай яе марай. І дакрануцца да яе змаглі ўсе, хто сабраўся ў літаратурнай кавярні Лёзненскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.
У пачатку мерапрыемства кіраўнік народнага аматарскага літаратурнага аб’яднання “Пад абажурам” Алена Аляксееўна Бахмацкая пазнаёміла прысутных з некаторымі фактамі біяграфіі аўтара.
Пасля Алена Іванаўна Грачышнікава запрасіла ўсіх пагартаць старонкі кнігі, паглядзець на цікавыя фотаздымкі, малюнкі і здзейсніць падарожжа ў гісторыю Лёзненскай зямлі. Перад гледачамі паўставалі разваліны старых пабудоў, старажытныя крыжы і камяні, фотаздымкі вядомых людзей – нашых землякоў, іх багатыя справы, шматлікія помнікі і абеліскі, непаўторнае прыроднае багацце Лёзненшчыны і шмат іншага.
Раздзелы кнігі гавораць самі за сябе: “Лёзненшчына – мой родны край”, “Старонкі гісторыі: зямля нашых продкаў ад часоў старажытных і да нашых дзён”, “Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…”, “Я спадчыну ад продкаў атрымаў…” , “Турысцка-краязнаўчыя магчымасці Лёзненшчыны”. Тэкст падзелены на параграфы, пасля кожнага з іх ёсць пытанні для абмеркавання.
Падчас мерапрыемства шчыра гучалі песні ў выкананні В.І. Маскаленка і В.П. Мінаевай, Т.Д. Дзядковай.
Творчая сустрэча прайшла ў цёплай і ветлівай абстаноўцы. Было выказана шмат слоў падзякі ў адрас Алены Іванаўны. Яна таксама падзякавала гасцей, а таксама ўсіх тых, хто дапамагаў ёй у напісанні кнігі.