Літаратурная імпрэза “Асобы знакамітых беларусаў у кнігах Алеся Марціновіча”
18 ліпеня на абанеменце раённай бібліятэкі для ўсіх аматараў беларускай прозы прайшла літаратурная імпрэза “Асобы знакамітых беларусаў у кнігах Алеся Марціновіча”, прысвечаная 70-годдзю Алеся (Аляксандра Андрэевіча) Марціновіча.
Вядомы крытык і літаратуразнаўца, публіцыст, краязнаўца, журналіст, празаік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1998) і шэрагу прэстыжных літаратурных прэмій, аўтар больш за 60 кніг, Алесь Марціновіч ўносіць важкі ўклад у папулярызацыю нацыянальнай літаратуры і культурнай спадчыны Беларусі.
На працягу не аднаго дзесяцігоддзя пісьменнік раскрывае нацыянальную гісторыю праз асобы знакамітых беларусаў, а таксама прадстаўнікоў іншых народаў, якія плённа працавалі на карысць нашай Айчыны. Ён стварыў больш за 300 гістарычных партрэтаў вядомых суайчыннікаў, лёс якіх прасачыў ў гістарычных нарысах і эсэ, дакументальна-мастацкіх творах.
Бібліятэкары пазнаёмілі чытачоў з біяграфіяй пісьменніка, расказалі пра тое, што ён не толькі выступае на літаратурнай ніве, як пісьменнік, але і крытык, даследуючы творчасць класікаў беларускай літаратуры і сучасных аўтараў, а таксама шмат піша аб беларускай дзіцячай літаратуры, і сам з'яўляецца аўтарам апавяданняў і казак для дзяцей.
З дапамогай рэкамендацыйнага агляда па творчасці А. Марціновіча, прысутныя змаглі зазірнуць за намітку гісторыі, пазнаёміцца з асобамі беларускай даўніны, якія пакінулі значны след у гісторыі нашай Радзімы. Героі яго кнігі - тыя, хто жыў і панаваў, ваяваў і будаваў, перамагаў і цярпеў паразы, любіў і ненавідзеў.
У цэнтры ўвагі апынуліся Радзівілы, Рагнеда, князь Рагвалод, Е. Полацкая, і іншыя нашы знакамітыя землякі. Кожны з іх унёс немалы ўклад у скарбніцу нашай культуры. Затым увазе прысутных быў прапанаваны буктрэйлер па кнізе А. Марціновіча "Нежность звёздного неба".
Напрыканцы мерапрыемства зацікаўленыя чытачы змаглі ўзяць на дом упадабаную кнігу.
|